МІ́НСКІ ПАЛА́Ц СПО́РТУ.

Пабудаваны ў 1966 на праспекце Машэрава ў Мінску (арх. С.Філімонаў, В.Малышаў). Самае вял. ў Беларусі крытае спарт. збудаванне шматмэтавага прызначэння. Амаль квадратны ў плане будынак (82 × 78 м); яго аб’ём 100,5 тыс. м³. Кампазіцыя гал. фасада, арыентаванага на праспект, заснавана на рытме жалезабетонных пілонаў. Глядзельную залу (66 × 64 м) перакрывае прасторавая сістэма металічных ферм (макс. пралёт 61,5 м). Мае хакейную пляцоўку (30 × 61 м) і стацыянарныя асіметрычныя трыбуны (на 4 тыс. месцаў, пры трансфармацыі залы і арэны макс. 6 тыс. месцаў), 2 спарт. залы (12 × 18 м), адм. і дапаможныя памяшканні. У 1999 каля палаца ўзведзены будынак лядовай пляцоўкі.

С.Дз.Філімонаў.

Мінскі палац спорту.

т. 10, с. 448

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)